Каталог :: Литература

Реферат: Кузьма Чорны. Жыццё i творчасць

УА “Наваполацкая сярэняя
агульнаадукацыйная школа №5
                         Кузьма Чорны. Жыццё і творчасць                         
                                                              Выканаў Кругляк Ю.
                                                            Вучань 11 “А” класса
                                     2004 г.                                     
Кузьма Чорны (Мікалай Карлавіч Раманоўскі) нарадзіўся 24 чэрвеня 1900 г. у
вёсцы Боркі на Случчыне ў сям'і парабка. У 1907 г. бацькі будучага
пісьменніка пераехалі ў фальварак Вінцантова. Тут Міколка з дапамогай маці,
жанчыны простай, але духоўна развітай і начытанай, навучыўся чытаць. Пра сваё
маленства Чорны ўспамінаў: «Гэта быў жудасны час, калі ка-валак хлеба і
палатняная рубашка – адна на год, здаваліся шчасцем. Так жылі ўсе тыя людзі,
сярод якіх я вырас і выгадаваўся. Так жыў народ». Бацькі пісьменніка з усіх
сіл імкнуліся даць старэйшаму сыну адукацыю. Каля маёнтка школ блізка не
было, таму яны кінулі панскую службу і ў 1908 г. пераехалі на сваю радзіму, у
мястэчка Цімкавічы Капыльскага раёна. Скончыўшы ў 1913 г. Цімкаўскае народнае
вучылішча, Мікалай два гады працаваў на гаспадарцы і рыхтаваўся да
паступлення ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, бо «гэта была найбольш
зручная школа для тых, хто не меў за што вучыцца: там не бралі платы за
навуку, а лепшым вучням, якія добра вучыліся, давалі стыпендыю». У 1915 г. ён
паступае ў семінарыю. У гады навучання часта наведвае гарадскую і семінарскую
бібліятэкі, спрабуе пісаць вершы і апавяданні. У 1919 г. белапалякі закрылі
семінарыю за тое, што ранняй вясной 1918 г. семінарысты памаглі гарадскому
рэўкому і гарнізону задушыць шляхецкае паўстанне ў Нясвіжы.
Чорны скончыў семінарыю ў 1920 г., калі яна зноў была адкрыта. Сапраўдным
«універсітэтам» пісьменніка было, аднак, само жыццё, а настаўнікамі – яго
родны дзед, выдатны слуцкі сурвэтнік Міхал Парыбка-Чорны, прозвішча якога
Мікалай зрабіў сваім літаратурным псеўданімам, маці Глікерыя Міхайлаўна, якая
прачытала мноства кніг — «пачынаючы бібліяй і канчаючы Львом Талстым і
палітычнымі ўсякімі брашурамі», бацька Карл Феліксавіч, разам з якім Мікалай
абышоў усю ваколіцу ў пошуках працы.
У свядомасці пісьменніка ішла надзвычай інтэнсіўная і напружаная праца.
Іменна ў гэты час Чорны набыў эмацыянальны, псіхалагічны, сацыяльны і
маральны вопыт, які вызначыў характар усёй яго творчай дзейнасці, напрамак
яго ідэйных і эстэтычных пошукаў.
Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя абудзіла магутную творчую
энергію народа, узняла яго да актыўнай гістарычнай дзейнасці, раскрыла
шырокія перспектывы для развіцця яго шматлікіх талентаў. У рэвалюцыі  Чорны
ўбачыў   адзіную рэальную сілу. Вострае ўсведамленне таго, што ён і яго
пакаленне жывуць у час «вялікага пералому свету», стала грунтам
светаадчування пісьменніка. К. Чорны актыўна ўдзельнічаў у рабоце савецкіх
арганізацый, у 1920–1921 гг. працаваў сакратаром Цімкаўскага валаснога
рэўкома, з вясны да восені 1921 г. быў справаводам Слуцкага павятовага
ваенкамата, потым – сакратаром аддзела народнай адукацыі пры Цімкаўскім
валасным рэўкоме, а з восені 1922 г. настаўнікам у Цімкаўскай сямігодцы.
Няўрымслівае імкненне да ведаў, усведамленне таго, што, каб пісаць пра народ
і для народа, неабходна вялікая філасофская і чалавеказнаўчая культура,
прывялі Чорнага ў 1923 г. у Беларускі дзяржаўны універсітэт, на літаратурнае
аддзяленне педагагічнага факультэта. У маі і чэрвені гэтага ж года былі
надрукаваны першыя апавяданні пісьменніка, а ў снежні ён стаў членам масавай
літаратурнай арганізацыі «Маладняк». Вясной 1925 г. Чорны вымушаны быў
пакінуць вучобу – развіваўся туберкулёз лёгкіх – і перайсці на працу ў
рэдакцыю газеты «Беларуская вёска».
Мастацкая індывідуальнасць празаіка складвалася ва ўмовах інтэнсіўнага
развіцця ўсёй савецкай літаратуры, напружаных пошукаў новых прынцыпаў
эстэтычнага асэнсавання рэчаіснасці. Напрамак творчых інтарэсаў і імкненняў
Чорнага выявіўся перш за ўсё ў выбары героя. Гэта працоўны беларускі селянін,
жыццёвы шлях якога – шлях усяго беларускага народа ад бяспраўя і прыгнечання
да волі і шчасця. Галоўнае, што захапляла пісьменніка ў ім,— тое, што ўсіх і
ўсё на свеце ён вымярае вялікім крытэрыем чалавечнасці, чуласці, дабраты і
справядлівасці. Ад-носіны аўтара да гэтага героя вызначыла пачуццё вялікага
замілавання. Ад твора да твора ўскладнялася яго псіхалагічная і сацыяльная
характарыстыка, усё больш шматбакова раскрываўся духоўны сэнс яго дзейнасці
«на нязначным атаме сусвету – зямлі». Паступова ён вырас у вобраз, які поўна
і мнагастайна ўвасабляе нацыянальныя рысы беларускага народа, яго гістарыч-ны
лёс.
Раннія апавяданні Чорнага – тыповыя для творчасці пісьменнікаў-маладнякоўцаў
замалёўкі, эцюды, імпрэсіі, своеасаблівыя «вершы ў прозе». Пачынаючы празаік,
прынцыпы мастацкага мыслення якога толькі складваліся, не адразу навучыўся
паказваць усеахопны працэс сцвярджэння новага ў жыцці, быце і свядомасці
людзей канкрэтна, ва ўсёй складанасці і супярэчлівасці і нярэдка паэтызаваў
яго знешнія праявы. Вобраз простага чалавека – пастаянны аб'ект увагі аўтара
– выступае ў ранніх творах толькі ў агульных рысах. Стылёвыя сродкі паэзіі,
якія празаік шырока выкарыстоўваў у апавяданнях «Будзем жыць», «На берaзе»,
«Жалезны крык», «Максімка», «Быльнікавы межы», «Новыя людзі», «Бяздонне»,
ствараюць прыўзняты лірычны настрой. Іменна ён, гэты настрой, і нясе поўную і
дакладную інфармацыю пра духоўны стан аўтара і яго герояў, пра іх непаўторныя
адносіны да рэчаіснасці, перадае гуманістычны пафас сцвярджэння новага,
глыбіню і неласрэднасць рэвалюцыйнага светаадчування.
Разам са сваімі героямі аўтар глыбока і сур'ёзна думаў пра разнастайныя з'явы
жыцця, знешне нават як бы далёкія адна ад адной, спасцігаў іх унутраную
сувязь і набліжаўся да разумення складанасці, велічы і хараства жыцця
чалавека на зямлі.
Лірыка эмоцый, настрояў, перажыванняў, з чаго пачынаў Чорны, паступова
дапаўнялася тонкім скрупулёзным, блізкім да навуковага псіхалагічным
аналізам, імкненнем раскрываць унутраныя пабуджэнні і   матывы  ўчынкаў
чалавека, маральны змест яго паводзін у свеце.  Дзівосны сінтэз гэтых дзвюх,
здавалася б, несумяшчальных стылёвых плыней – так званай лірычнай і
аналітычнай прозы — стварыла непаўторную атмасферу адухоўленасці, душэўнай
чысціні і шчырасці, уласцівых ранняй прозе пісьменніка. У гэты час адбылося
нешта незвычайнае, што супярэчыць законам звычайнай логікі: празаік,
выдатнымі асаблівасцямі таленту якога яшчэ ў пачатку творчасці лічылі ўменне
жывапісаць вясковы быт, ствараць каларытныя вобразы людзей з народа, абраў
зусім іншы, больш складаны і супярэчлівы шлях ідэйна-эстэтычнага развіцця. У
маі 1926 г. К. Чорны разам з іншымі беларускімі пісьменнікамі выйшаў з
«Маладняка», ідэйныя і эстэтычныя ўстаноўкі якога перасталі яго задавальняць,
і стаў адным з арганізатараў «Узвышша.    Як і многія іншыя савецкія
пісьменнікі Чорны разумеў: каб пераадолець схематызм у паказе новых людзей,
авалодаць майстэрствам маляваць іх ва ўсёй жыццёвай складанасці і
мнагастайнасці, неабходна вучыцца ў класікаў, прайсці школу псіхалагізму.
Праблема «жывога чалавека», што захапляла Чорнага ў сярэдзіне 20-х гг.,
з'яўляецца толькі адной з праяў больш важнай праблемы, якую вырашала ўся
савецкая літаратура, – праблемы творчага метаду. «Жывы чалавек», як разумеў
яго празаік,– сапраўдны, гістарычны чалавек. У яго душы драматычна
пераплялося старое і новае, сум і радасць, бура і цішыня. Супрацьстаўляючы
схематычнаму маладнякоўскаму разуменню чалавека сваю канцэпцыю, Чорны нярэдка
свядома ішоў на смелы эксперымент – шукаў сітуацыі, дзе новае і старое
сутыкаліся асабліва востра.
Страсны пошук ісціны, прадыктаваны замілаваннем і спачуваннем да чалавека,
напружанасць духоўнага жыцця, высокі драматычны напал пачуццяў і думак –
гэтыя асаблівасці творчага развіцця Чорнага 1925–1927 гг. выклікаюць у чытача
багатыя рэальна-жыццёвыя і літаратурныя асацыяцыі. К. Чорны, як і ўсякі
вялікі пісьменнік, вырашаў вечныя праблемы: што такое жыццё і што такое
чалавек? Сама рэвалюцыя паставіла іх на парадак дня, асвятліўшы пановаму.
Сваёй задачай              К. Чорны лічыў расказаць чалавеку пра яго самога,
«непрыкметна душой увайсці ва ўсе таямніцы, што ў жывых істотах захованы,
увайсці ласкава і ціха, з чыстымі думкамі і адчуваннямі» («Вечар»), расказаць
пра ўсё самае важнае для яго: пра тое, у чым ён знаходзіць сэнс жыцця
(«Парфір Кіяцкі»), пра тое, як кахае («Па да-розе», «Пачуцці»), як адносіцца
да смерці («Ноч пры дарозе», «Буланы»). Празаік спадзяваўся, што, «пачуўшы аб
сабе праўду, чалавек можа хутчэй адкінуў бы ад сябе ўсё паскудства, што
ўрасло ў яго з самых цёмных далей вякоў і, будучы часам нават малым, псуе
вялікае хараство чалавека» («Вечар»).
К. Чорны бачыў напрамак гістарычнага развіцця, і пра гэта сведчаць яго лепшыя
апавяданні і першы раман «Сястра» (1927–1928). Дэталёва даследуючы працэс
нараджэння і руху ў душы герояў часам няўлоўных пачуццяў, вострых
перажыванняў, неспакойных думак, аўтар рамана імкнуўся спасцігнуць унутраны,
маральны сэнс падзей, якія адбываліся ў краіне ў сярэдзіне 20-х гг., выявіць
тэндэнцыі грамадскіх адносін. Гуманістычная сутнасць рэвалюцыйных змен,
сцвярджаў празаік, выяўляецца перш за ўсё ў новых адносінах людзей, у тым,
што, напрыклад, сімпатычныя яму героі востра і чула рэагуюць на праявы
раўнадушша, чэрствасці, няўвагі. Пісьменнік, які адкрыў для сябе, што
«чалавек – гэта цэлы свет», страсна палемізаваў са спрашчэннем, збядненнем
складанага і багатага ўнутранага свету чалавека. Гэты ідэйны, светапоглядны
прынцып знаходзіць сваё праламленне і ў асаблівасцях формы.
«Тып неспакойнага чалавека, слаўнага і цікавага ў сваім вечным імкненні» усё
больш захапляў пісьменніка. Абнаўленне жыцця закранае лёс усяго народа і
кожнага асобнага чалавека, у тым ліку і простых людзей, з якімі празаік быў
звязаны. Замілаванне да роднай зямлі, да беларускай вёскі, да простых людзей
стала крыніцай стрыманага і глыбокага лірызму рамана «Зямля» (1928).
Філасофска-гуманістычная праблема «душы селяніна», якая захапляла многіх
пісьменнікаў вырашаецца ў рамане на матэрыяле жыцця беларускай вёскі
напярэдадні калектывізацыі.
Сацыялістычная рэвалюцыя ўздзейнічала на ўсю глыбіню чалавечага існавання,
нарадзіла ў простым чалавеку ўсведамленне сябе як паўнацэннай асобы, імкненне
да паўнаты быцця, да самасцвярджэння. Працэс духоўнага вызвалення чалавека
паказваецца празаікам не толькі ў рамане «Зямля», але і ў іншых творах другой
палавіны 20-х гг., напрыклад апавяданнях «Вераснёвыя ночы», «Справа Віктара
Лукашэвіча», «Ліст Якуба Малькевіча», «Нянавісць».
У студзені 1928 г. К. Чорны пакінуў працу ў рэдакцыі «Беларускай вёскі» і
цалкам прысвяціў сябе літаратуры. Ён шмат ездзіў па Беларусі, наведваў заводы
і фабрыкі, саўгасы і калгасы, сустракаўся з рознымі людзьмі. У цэнтры ўвагі
Чорнага у гэты час былі падзеі, што адбываліся ў краіне: калектывізацыя
сельскай гаспадаркі, абвастрэнне класавай барацьбы ў вёсцы. У яго творах
становіцца ўсё менш сузіральнасці і ўсё больш гарачага жадання пафіласофску
асэнсаваць рэчаіснасць. Узмацнілася гуманістычнае гучанне творчасці празаіка.
Яму ўласцівы шырокі погляд на барацьбу новага і старога ў душы чалавека, на
працэс перабудовы свету. Аб новых з'явах у творчасці Чорнага сведчыць
аповесць «Лявон Бушмар» (1929).
Аповесць вылучаецца кампазіцыйнай строннасцю, дынамікай дзеяння, эканомнасцю,
ўсё ў ёй накіравана на дасягненне адной мэты – выкрыць антыгуманны свет
уласніцтва. Вобраз уласніка Бушмара асэнсоўваецца з сацыяльных, філасофскіх,
маральных пазіцый. Жыццё на хутары становіцца ў аповесці сімвалам старога
свету, які ўладарыць над розумам і сэрцам простага чалавека і перашкаджае яму
вызваліцца ад «нявольніцкіх путаў гаспадарчай клапатлівасці».
Паступовае разгортванне калектывізацыі настойліва патрабавала творчага
асэнсавання. З'явілася аповесць «Вясна» (1930), напоўненая пачуццём радасці
за людзей, якія нарэшце знайшлі сваё месца ў калгасе і ўжо не ўяўляюць сябе
паза ім.
Імкненне Чорнага да эпічнага мастацкага паказу асабліва выразна выявілася ў
незавершаным рамане «Ідзі, ідзі» (1930). Шматпланавая кампазіцыя, складаная
сістэма вобразаў, мноства галоўных і другарадных персанажаў. Нягледзячы на
тое, што празаік не здолеў арганічна звязаць усе шматлікія сюжэтныя лініі і
«планы» і занадта часта карыстаўся сродкамі інфармацыі і ілюстрацыі, раман
гэты засведчыў усё ж, што Чорны ўзышоў на новую ступень мастацкага
асэнсавання свету, авалодаў прынцыпам гістарызму.
К. Чорны, які адчуваў у сабе вялікія творчыя сілы і ўсведамляў складанасць
задач, што стаялі перад беларускай савецкай літаратурай, намеціў для сябе
грандыёзную праграму – напісаць цыкл твораў пра гісторыю беларускага народа.
Пра гэта празаік шмат гаварыў у артыкулах і выступленнях пачатку 30-х гг. Яго
ўвагу прыцягвалі не асобныя моманты і эпізоды, а жыццё народа на вялікім
адрэзку часу. Кожны асобны твор павінен быў не толькі адлюстраваць пэўны
этап, але і яго філасофію, увасобіць канкрэтную «ідэёвую катэгорыю»:
бацькаўшчыны, уласніцтва, закону, сваяцтва і г. д.
Задума Чорнага адпавядала агульнай тэндэнцыі савецкай літаратуры да эпічнага
адлюстравання рэчаіснасці, да глыбокага асэнсавання заканамернасцей
грамадскага развіцця. У выспяванні задумы мела значэнне і тое, што Чорны ў
тыя гады пільна вывучаў творчасць Бальзака і захапляўся яго намерам стварыць
«гісторыю нораваў» французскага грамадства першай палавіны XIX ст. 3 гэтага
моманту кржны твор асэнсоўваўся празаікам як неабходная частка вялікага
цэлага і ствараўся з улікам усяго напісанага раней. Кожны новы твор,
развіваючы на новай ідэйнай і мастацкай аснове агульную задуму, будуецца, па
сутнасці, на адным і тым жа матэрыяле – жыцці беларусаў. Мастацкі талент
Чорнага быў здольны разбураць камбінацыю элементаў папярэдняга твора і
групаваць іх у новыя спалучэнні, якія адпавядалі яго мастацка-філасофскай
канцэпцыі рэчаіснасці.
Раман «Бацькаўшчына» (1931), які адкрывае серыю задуманых твораў, прысвечаны
праблеме, што востра хвалявала беларусаў на працягу стагоддзяў – праблеме
радзімы. Яна ставіцца празаікам у сацыяльна-філасофскім плане. Гістарычнае
жыццё беларускага народа, яго шлях да сацыялістычнай рэвалюцыі – тая
рэчаіснасць, на грунце якой Чорны імкнуўся «развіваць рэальную філасофію».
Паказваючы паводзіны сваіх герояў у розных тыповых абставінах, сутыкаючы іх у
вострым непрымірымым канфлікце, аўтар паказаў, як адносяцца да радзімы
прадстаўнікі розных класаў і саслоўяў. У выніку паняцце радзімы напаўняецца
шматгранным і глыбокім гістарычна-канкрэтным зместам.
Раман «Трэцяе пакаленне» (1935) як частка задуманага Чорным цыкла твораў
прысвечаны праблеме ўласніцтва, згубнага ўплыву яго «філасофіі» на жыццё і
лёс простага чалавека. Барацьба з перажыткамі мінулага ў свядомасці людзей,
якая асабліва настойліва вялася ў гады сацыялістычнага будаўніцтва, складае
пафас гэтага твора, вызначае яго ідэйна-мастацкую канцэпцыю.
Выкарыстоўваючы багаты арсенал стылёвых сродкаў і прыёмаў пісьменнік крок за
крокам даследаваў, як уздзейнічала на героя атмасфера сквапнасці, жорсткасці,
бесчалавечнасці, што акружала яго з дзіцячых гадоў.
К. Чорны паспяхова здзяйсняў сваю задуму стварыць эпічную і разам з тым
драматычную карціну руху беларускага народа ў будучыню. У пачатку 40-х гг. ён
працаваў над раманамі «Простыя людзі», «Вялікае выгнанне», «Судны дзень».
Напружаная сусветная абстаноўка, пагроза другой сусветнай вайны, перажытае
пісьменнікам прымусілі яго шмат у чым пераасэнсаваць сваё разуменне чалавека.
У аснову новага варыянта п'есы «Бацькаўшчына», ідэйна-мастацкай канцэпцыі
драмы «Ірынка» (1940) пісьменнік паклаў думку, што «чалавек – стварэнне
яснае, светлае, а не змрочнае і злое».
Перыяд Вялікай Айчыннай вайны быў перыядам найвышэйшага напружання духоўных
сіл пісьменніка. За тры з палавінай ваенных гады цяжка хворы, змучаны цяжкімі
думкамі пра лёс родных і блізкіх, пра лёс народа, заняты тэрміновай газетнай
працай, К. Чорны напісаў тры раманы («Пошукі будучыні», «Вялікі дзень»,
«Млечны шлях»), зборнік апавяданняў «Вялікае сэрца», апублікаваны пасля
смерці пісьменніка, у 1945 г., зборнік фельетонаў «Кат у белай манішцы»
(1943), каля паўсотні артыкулаў, памфлетаў, пачаў працу над драмай, задумаў і
часткова выканаў планы раманаў і аповесцей «Рыгор Сухменчык», «Скіп'ёўскі
лес», «Смага», «Сумліцкая хроніка», «Сыны Хведара Нявады» і інш. Пісьменнік
удзельнічаў у барацьбе з захопнікамі не толькі як аўтар шматлікіх
публіцыстычных і сатырычных твораў, член рэдакцыі сатырычнага выдання
«Раздавім фашысцкую гадзіну», супрацоўнік рздакцыі часопіса «Беларусь», але і
як творца выдатных мастацкіх палотнаў, як даследчык псіхалагічных і
сацыяльных вытокаў магутнасці савецкага народа і выкрывальнік антычалавечай
сутнасці фашызму.
Ваенныя апавяданні К. Чорнага, як і яго публіцыстыка, узбройвалі савецкага
чалавека пачуццём любові да роднай зямлі і нянавісці да акупантаў. Герой
апавяданняў «Бацька», «Маленькая жанчына», «Аксініны сляды», «Прасторны дом»,
«Вялікае сэрца», «Заўтрашні дзень» – просты савецкі чалавек, «сын свайго
народа і сваёй зямлі, дзе жывуць і пашана да чалавека, і спачуванне чужому
гору.
К. Чорны ўжо ў гады вайны імкнуўся да эпічнага асэнсавання падзей. У раманах
ён раскрываў маштабнасць Вялікай Айчын-най вайны, яе сацыяльна-філасофскі
сэнс, яе ўздзеянне на лёс цэлых народаў і асобнага чалавека. Творы 1941–1944
гг. працягваюць задуманы ім у пачатку 30-х гг. цыкл, адлюстроўваюць новы
гістарычны этап у жыцці беларускага народа. У іх па-новаму вырашаюцца многія
важныя праблемы творчасці Чорнага 20–30-х гг., а таксама ставяцца праблемы,
якія раней займалі другараднае месца. Напрыклад, філасофская праблема
будучыні, якую закрануў Чорны ў «Трэцім пакаленні», на ўвесь рост паўстала
перад ім у гады вайны.
Усведамленне асабістай адказнасці за заўтрашні дзень свайго народа і ўсяго
чалавецтва вызначае пачуцці і думкі герояў рамана «Пошукі будычыні» (1943),
простых беларускіх людзей. Гэтыя героі, адны больш, другія менш, нагадваюць
герояў ранейшых твораў Чорнага. Здаецца, усе галоўныя героі даваенных твораў
Чорнага сышліся на старонкі раманаў ваеннага часу, каб нарэшце канчаткова
вырашыць усе свае канфлікты і праблемы, выявіць сваю ісцінную сутнасць.
Драматычны канфлікт паміж савецкім чалавекам, які ўвасабляе ўсё лепшае ў
чалавецтве, і нямецкім фашыстам, носьбітам звярынага, эгаістычнага,
антыгуманнага пачатку, – асноўны ў ваенных творах Чорнага. Паказ савецкага
чалавека, яго велічы і хараства, мужнасці і гераізму і паказ сацыяльных і
псіхалагічных вытокаў фашызму, выкрыццё яго бесчалавечнай філасофіі.
Вайна ўнесла важныя карэктывы ў разуменне пісьменнікам праблемы, асноўнай у
многіх яго творах, – праблемы ўласніцтва. У рамане «Вялікі дзень» ён
асэнсоўвае яе з розных пунктаў погляду: сямейна-бытавога, псіхалагічнага,
сацыяльнага, філасофскага, маральнага і ў адпаведнасці з гэтым стварае
складаную сістэму вобразаў. Сістэма вобразаў пабудавана па прынцыпу
супрацьстаўлення: пачуцці і думкі, надзеі і ідэалы савецкіх людзей. Ідэйнай
задачы адпавядае і кампазіцыя.
К. Чорнага заўсёды цікавілі ўсе вострыя праявы грамадскага жыцця, калі з
асаблівай сілай раскрываецца псіхалагічны, сацыяльны і ідэалагічны змест
эпохі, калі пачуцці і думкі кожнага чалавека дасягаюць найвышэйшага
напружання і калі выяўляецца яго сапраўдны сэнс. Вастрыня сітуацый,
канфліктаў, напружанасць даследчыцкай думкі аўтара – усё гэта надае «ваенным»
раманам Чорнага высокае драматычнае гучанне.
Незавершаная аповесць «Скіп'ёўскі лес», урыўкі са шматлікіх пачатых твораў,
дзённік пісьменніка сведчаць, што Чорны выношваў новыя задумы, надзвычай
смелыя і маштабныя. Нібы адчуваючы, што не ўсё задуманае паспее ажыццявіць,
ён адзначаў у незавершанай аповесці «Скіп'ёўскі лес».
22 лістапада 1944 г. смерць перапыніла творчы пошук К. Чорнага.
Сёння беларуская літаратура не толькі раўняецца на лепшыя дасягненні
сусветнага мастацтва, але і сама становіцца такой літаратурай, на якую
раўняюцца літаратуры іншых народаў. У гэтым ёсць вялікая заслуга і Кузьмы
Чорнага.
                                   Літаратура                                   
1.     Гісторыя беларускай савецкай літаратуры (Частка І) – Мінск, 1981